ТКА́ЦКІ СТАНО́К,

станок для вырабу тканіны тэкстыльнай; асн. машына ткацтва. Адрозніваюць Т.с.: паводле спосабу пракладвання ўточнай ніткі — чаўнаковыя і бесчаўнаковыя станкі; змены ўтку — аўтам. і мех. з ручной зменай уточных паковак; паводле віду зеваўтваральнага механізма — эксцэнтрыкавыя, карэтачныя і жакардавыя (гл. Жакарда машына); па колькасці чаўнакоў — адна- і многачаўночныя.

На Т.с. ніткі асновы, якія змотваюцца з вял. шпулі (навоя), абгінаюць накіроўны валік (скало), прымаюць гарыз. або нахіленае становішча, праходзяць праз адтуліны ламелей і вочкі рамізак, што перамяшчаюць ніткі асновы ў верт. напрамку. Зеваўтваральны механізм раздзяляе ніткі асновы, утвараючы ромбападобную прастору (т. зв. зеў). У яго чаўнаком або пракладчыкам утку інш. тыпу ўводзіцца ўточная нітка, якая потым прыбіваецца да краю тканіны грэбенем (бёрдам), што робіць зваротна-паступальны рух разам з батанам. Вырабленая тканіна намотваецца на таварны валік.

Найпрасцейшыя ручныя Т.с. з’явіліся за 5—6 тыс. г. да н.э. (гл. Кросны). Механізацыя ткацтва пачалася ў перыяд мануфактуры ў Англіі. У 1785 Э.Картрайт вынайшаў механічны Т.с. (механізаваны аперацыі пракідвання чаўнака, падымання рамізак, прыбою ўточнай ніткі). У 1804—08 франц. ткач і вынаходнік Ж.​М.​Жакар стварыў машыну для вырабу ўзорыстых тканін (гл. Жакарда машына). Аўтам. Т.с. (з механізмам аўтам. змены ўточных шпуль) зрабіў англічанін Дж.​Нортрап. Т.с. разам з мех. прадзільнымі машынамі адыгралі вырашальную ролю ў станаўленні машыннай тэхнікі.

Ткацкі станок: а — старажытны хатні гарызантальны ткацкі стан «на сохах» (Бабруйскі павет); б — схема прамысловага станка (1 — чаўнок, які пракладвае нітку ўтку; 2 — бёрда; 3 — ламелі; 4 — ніткі асновы; 5 — навой; 6 — рамізка; 7 — батан; 8 — падбатанны вал; 9 — накіравальны і таварны валікі.

т. 15, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)